ТРЫБУНА́Л ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, Галоўны Літоўскі Трыбунал,

вышэйшы апеляцыйны суд дзяржавы, пастановы якога мелі сілу пастаноў сойма. Створаны ў 1581, дзейнічаў з 1582. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якіх выбіралі на павятовых сойміках па 2 ад кожнага павета тэрмінам на 1 год (з 1588 яшчэ выбіраліся 3 дэпутаты ад Жамойцкай зямлі).

Разглядаў апеляцыі на рашэнні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэнні павятовай адміністрацыі. Суддзямі маглі быць выключна шляхціцы, ураджэнцы ВКЛ, якія мелі ўласныя маёнткі і былі дасведчанымі ў праве і мясц. звычаях. Сесіі трыбунала праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся на аснове Статута ВКЛ, соймавых канстытуцый і звычаёвага права большасцю галасоў. Месцам сесій трыбунала была Вільня (штогод), Мінск і Навагрудак (па чарзе праз год); да 1588 сесіі праходзілі і ў Троках. Па 1-й інстанцыі трыбуналу былі падсудныя ўсе справы, аднесеныя да яго кампетэнцыі, а таксама справы аб неналежным выкананні старостамі і замкавымі ўраднікамі сваіх абавязкаў пры судаводстве і справы духоўных асоб (пры разглядзе апошніх бралі ўдзел дэпутаты ад духавенства). Парадак судаводства ў трыбунале рэгламентаваўся законам, яго рашэнні выконваліся павятовымі судамі. Акрамя разгляду спраў трыбунал ажыццяўляў натарыяльныя дзеянні: замацоўваў тастаменты (завяшчанні), сведчыў дагаворы куплі-продажу маёнткаў, пазыкі і інш.

Літ.:

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)